ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх,

батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 13—17.12.1920 у Мінску. Прысутнічалі 202 дэлегаты з рашаючым і 16 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ВРК БССР (А.Р.Чарвякоў); бягучы момант і Сав. Беларусь (В.Г.Кнорын); аб сацыяліст. землеўпарадкаванні (А.С.Хаценка); аб харч. палітыцы ў Беларусі (І.А.Адамайціс); аднаўленне прам-сці (А.І.Вайнштэйн); нар. асвета (М.Я.Фрумкіна); сац. забеспячэнне (С.З.Кацэнбоген); арганізацыя сав. улады на Беларусі (С.А.Мертэнс); аб правядзенні працоўнай павіннасці; аб рабоце каап. арг-цый; выбары ЦВК БССР і дэлегатаў на Усерас. з’езд Саветаў; бягучыя справы. З’езд адобрыў работу ВРК БССР, прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР, у якіх абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — СНК БССР у складзе 15 наркаматаў. Устанавіў дзярж. манаполію на асн. віды прадукцыі, цвёрдыя цэны, дзярж. нарыхтоўку і забеспячэнне насельніцтва прадметамі першай неабходнасці; падкрэсліў неабходнасць барацьбы са спекуляцыяй і ажыццяўлення поўнай нацыяналізацыі гандлю. Вызначыў задачы СНГ БССР у аднаўленні прам-сці і транспарту. Зацвердзіў «Тэзісы па аграрным пытанні», у якіх прадугледжваў новыя, сацыяліст. формы землекарыстання, надзяленне беззямельных і малазямельных сялян землямі былых памешчыцкіх гаспадарак, стварэнне саўгасаў. Ратыфікаваў Рыжскі прэлімінарны дагавор ад 12.10.1920 і пацвердзіў мандат ВРК БССР ураду РСФСР на права заключэння ад імя БССР міру. Прыняў зварот «Да працоўнага народа Беларусі». Выбраў ЦВК БССР з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на VIII Усерас. з’езд Саветаў.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)